Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя польскага судзьдзі Шмыта як падарунак лукашэнкаўскай прапагандзе


Томаш Шмыт. Скрыншот з архіўнага відэа з сайту Wyborcza.pl
Томаш Шмыт. Скрыншот з архіўнага відэа з сайту Wyborcza.pl

Палітычны аналітык і мэдыяэкспэрт Паўлюк Быкоўскі разважае, як сытуацыя з Шмытам можа паўплываць на адносіны Варшавы і Менску, адзначае, што інцыдэнт са Шмытам выявіў пэўныя праблемы ў сфэры нацыянальнай бясьпекі Польшчы, і прадказвае, як беларуская прапаганда будзе выкарыстоўваць гэтую гісторыю.

Сьцісла:

  • Калі будзе працягвацца абвастрэньне і абодва бакі пачнуць прымаць нейкія канфліктныя рашэньні, то ў выніку шараговым беларусам стане больш складана атрымліваць польскія візы.
  • Калі дапусьціць, што Шмыт быў сапраўды завэрбаваным агентам, то ўцёкі ў Беларусь могуць служыць доказам і самавыкрыцьцём.
  • Тое, што «да нас уцякаюць», а ня толькі «ад нас уцякаюць», — гэта ўжо зручны аргумэнт для прапаганды.
  • Прапаганда будзе падаваць гэты выпадак як доказ крызісу дэмакратыі і праваахоўнай сыстэмы ў Польшчы, паказваць Шмыта як ахвяру палітычных рэпрэсіяў.

— Які ўплыў на беларуска-польскія адносіны можа мець гісторыя з польскім судзьдзём Томасам Шмытам, які ўцёк у Беларусь? Ці застанецца гэта звычайным прапагандысцкім эпізодам, ці можа мець больш сур’ёзныя наступствы?

— Тут варта адзначыць некалькі аспэктаў. Па-першае, гэта выдатны матэрыял для беларускай прапаганды, пра што пагаворым больш падрабязна далей.

Па-другое, гэта праява чагосьці, што вельмі нагадвае халодную вайну. Дагэтуль, пры ўсёй агульнай напружанасьці адносінаў, такіх эпізодаў, бадай, не было. Бо гісторыя з дэзэртэрствам польскага салдата Эміля Чэчкі ня мае дачыненьня да прадстаўнікоў эліты, да якой належыць судзьдзя. Гэта падвышае і градус напружанасьці ў адносінах, і палітычны ўзровень гэтай праблемы.

Па-трэцяе, у сытуацыі прысутнічаюць аспэкты, зьвязаныя з нацыянальнай бясьпекай Польшчы, і наступствы могуць праявіцца ў міждзяржаўных стасунках Беларусі і Польшчы. Паміж дзяржавамі і так застаўся ўсяго адзін памежны пераход, у Беларусі амаль не засталося польскіх консулаў. Таму, калі працягнецца абвастрэньне і абодва бакі пачнуць прымаць нейкія канфліктныя рашэньні, у выніку беларусам стане больш складана атрымліваць польскія візы.

— Калі гаварыць менавіта пра чыньнік бясьпекі, якую шкоду судзьдзя Шмыт можа нанесьці нацыянальнай бясьпецы Польшчы?

— Насамрэч, мы пакуль ня маем усёй інфармацыі. Ёсьць некалькі выказваньняў польскіх службоўцаў, што Шмыт меў доступ да сакрэтных матэрыялаў. Таксама вядома пра судовыя працэсы, на якіх ён працаваў, і там сапраўды разглядаліся справы, зьвязаныя з доступам да сакрэтнай інфармацыі.

Пакуль, здаецца, дакладна не абвешчана, да якой сакрэтнай інфармацыі меў доступ судзьдзя Шмыт. Ці, можа, проста ён меў кантакты з асобамі, якія падавалі ў суд апэляцыю наконт адмовы ў доступе да такой інфармацыі. Безумоўна, што Шмыт меў доступ да пэўных сакрэтных дадзеных, але наколькі яны важныя і наколькі пагражаюць нацыянальнай бясьпецы Польшчы — пакуль ацаніць немагчыма, прынамсі на падставе тых публічных дадзеных, якія мы маем.

— Зараз з двух бакоў — і з Расеі, і з Польшчы — зьяўляюцца паведамленьні, што судзьдзя Шмыт мог быць даўно завэрбаваны расейскімі спэцслужбамі.

— Пакуль гэта проста домыслы. Мы ня ведаем, ці было гэта, але ведаем, што спадар Шмыт уцёк у Беларусь. Уцёкі ў Беларусь могуць быць выкліканыя самымі рознымі прычынамі, у тым ліку, як сказана ў ягоным тэлеграм-канале, тым, што ў Беларусі больш танная гарэлка. Я не кажу, што гэта была сапраўдная прычына — проста зьвяртаю ўвагу, што пакуль мы ня ведаем сапраўдных прычынаў ягонага кроку.

Калі дапусьціць, што Шмыт быў сапраўды завэрбаваным агентам, то ўцёкі ў Беларусь могуць служыць доказам і самавыкрыцьцём. У Польшчы хапала судовых працэсаў, калі кагосьці польскія спэцслужбы абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з расейскімі ці беларускімі выведкамі. Суд разглядаў такія сытуацыі даволі доўга і не заўсёды пагаджаўся з думкаю польскіх спэцслужбаў.

У любым выпадку інцыдэнт са Шмытам выявіў пэўныя праблемы ў сфэры нацыянальнай бясьпекі Польшчы, але ён робіць магчымым і своечасовае выпраўленьне гэтых праблемаў. У Польшчы ўжо былі прэцэдэнты, калі дыпляматы, якія вучыліся ў расейскім МГИМО, атрымалі іншыя прапановы і прызначэньні: яны цяпер не адказваюць за рэчы, зьвязаныя з нацыянальнай бясьпекай.

— Можа, усё значна прасьцей, і ў Шмыта проста былі настолькі сур’ёзныя праблемы ў Польшчы, у тым ліку фінансавыя, што гэта пагражала яму крымінальным перасьледам? Таму ён і вырашыў уцячы?

— Так, гэта вельмі імаверная вэрсія, якая ляжыць на паверхні. Асобы, якія знаходзяцца ў стрэсавай сытуацыі, якім пагражае пакараньне, не заўсёды могуць паводзіць сябе адэкватна. Шмыт апынуўся ў вельмі незайздроснай сытуацыі — памятаем пра трагічны лёс Эміля Чэчкі. Ён ужо стаў інструмэнтам беларускай прапаганды і адначасова закладнікам спэцслужбаў беларускага аўтарытарнага рэжыму. Акрамя таго, калі ён сапраўды раскажа нейкія польскія дзяржаўныя сакрэты, то на радзіме для яго гэта будзе мець юрыдычныя наступствы.

— Сытуацыя з Шмытам — гэта вялікі падарунак для беларускай прапаганды? Як яны яго могуць выкарыстоўваць?

— Само па сабе тое, што «да нас уцякаюць», а ня толькі «ад нас уцякаюць», — гэта ўжо добры аргумэнт. Уцякаюць з Захаду — значыць, там, на Захадзе, усё кепска. Можна чакаць, што Шмыт зробіцца ўдзельнікам перадачы «Думкі пра Польшчу» дзяржаўнага міжнароднага радыё «Беларусь», ён ужо правёў шэраг прэсавых мерапрыемстваў.

Прапаганда будзе прадстаўляць гэты выпадак як доказ крызісу дэмакратыі і праваахоўнай сыстэмы ў Польшчы, паказваць Шмыта як ахвяру палітычных рэпрэсіяў, а Беларусь — як востраў стабільнасьці і бясьпекі.

Акрамя таго, ужо ёсьць пэўныя меркаваньні, што Шмыт будзе выкарыстоўвацца прапагандай як прыхільнік традыцыйных каштоўнасьцяў. Быццам бы ў Польшчы ёсьць вялікая пагроза ім, і ён хоча жыць у краіне, дзе такой пагрозы няма. Усё гэта разам, відавочна, прапаганда будзе выкарыстоўваць для антыпольскіх наратываў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG