Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 2 месяцы да заканчэньня тэрміну на Зьмітра Дашкевіча завялі новую крымінальную справу


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Як паведамілі сваякі палітвязьня Зьмітра Дашкевіча, на яго завялі новую крымінальную справу па артыкуле 342 (Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Да завяршэньня ягонага другога тэрміну заставалася 2 месяцы.

Зьміцер адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 14 у Навасадах. Вядома, што ў СІЗА ў Жодзіне ён быў паўгода ў карцары.

Раней жонка Зьмітра Дашкевіча Наста апублікавала адзін зь вершаў, якія муж напісаў ёй з калёніі.

Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго

Яны схапілі мяне
Ў дзень няшчасьця майго,
Калі рваўся к табе
Я з палону свайго.
Але Госпад мне быў
У нядолі падпорай
І на вольную вывеў
Мяне Ён прастору.
Шчыт збаўленьня мне даў,
Ўмацаваў ува сьне.
І ласкавасьць Яго
Памнажала мяне.
І хоць топчуць мяне,
Вораг ў душу плюе,
На змаганьне Хрыстос
За мяне паўстае.
Ўсё магу у Хрысьце,
Я у Збаўцы маім,
Я прайду увесь шлях
Разам з Богам Сьвятым.
Толькі веру маю
Захавай, Божа Мой,
І тады на муры
Узыйду я з Табой.
Толькі жоначку Ты,
Дух Сьвяты, асьвяці,
Каб любоўю яна
Ўсё здалела ў жыцьці.
Толькі дзетак маіх,
Тата мой, абдыймі
І далонькай Сваёй
Да Сябе прытулі.
Ўзьвесялімся тады
У тваім ратаваньні,
Калі вернеш ты наш
Палон на сьвітаньні.
І на досьвітку буду
Выглядаць Цябе я,
Хрыста ранкам праславіць
Уся наша сям’я.

  • У кастрычніку 2023 году былога старшыню «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на год калёніі строгага рэжыму.
  • Зьміцер павінен быў выйсьці на волю з папраўчай калёніі № 14 па заканчэньні тэрміну 11 ліпеня 2023 году, але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу («Злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі»). Судзьдзя Тацяна Дзеравянка прызначыла Зьмітру яшчэ год калёніі ва ўмовах строгага рэжыму. У справе, паводле Насты Дашкевіч, напісалі, што нібыта «Зьміцер ня выйшаў на прагулку, адзін раз з кімсьці паразмаўляў, ляжаў на падлозе ў ізалятары пасьля начнога змаганьня з холадам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG