Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 дыпляматаў накіравалі лісты з падтрымкай Ігару Лосіку, Ігару Карнею і Андрэю Кузьнечыку


Андрэй Кузьнечык
Андрэй Кузьнечык

Тром зьняволеным журналістам перадалі словы падтрымкі ад замежных дыпляматычных місій.

Дыпляматы розных місій, якія працуюць у Менску, напісалі ліст у калёніі палітзьняволеным журналістам. Лісты падтрымкі пайшлі Ігару Лосіку, Ігару Карнею і Андрэю Кузьнечыку.

У лістах, напісаных па-расейску, аднолькавае пасланьне кожнаму з журналістаў:

«Вы выступалі за свабоду слова ў Беларусі, праяўляючы вялізную мужнасьць і трываласьць. Тое, што за гэта Вы сёньня знаходзіцеся ў зьняволеньні, — абуральная несправядлівасьць. Сыстэматычныя рэпрэсіі беларускіх органаў супраць незалежных СМІ і іх работнікаў зьяўляюцца парушэньнем міжнародных абавязаньняў, якія Беларусь як сябар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе сама прызнае. Урады нашых краін адзіныя ў патрабаваньні таго, каб палітычныя зьняволеныя ў Беларусі нарэшце выйшлі на свабоду.

Мы, дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі, уважліва сочым за Вашым становішчам. Гэта цэнтральны кампанэнт дыпляматычных задач, даручаных нам нашымі дзяржавамі. Грамадзяне нашых дзяржаў таксама праяўляюць вялікую цікавасьць да лёсу палітзьняволеных у Беларусі».

Ліст падпісалі:

  • Міхаэль Новак, часовы павераны ў справах Нямеччыны ў Беларусі;
  • Рональд Штурм, часовы павераны ў справах Аўстрыі ў Беларусі;
  • Георгі Васілеў, надзвычайны і паўнамоцны пасол Баўгарыі ў Беларусі;
  • Томаш Крыл, часовы павераны ў справах Чэхіі ў Беларусі;
  • Трыін Хіесалу, часовы павераны ў справах Эстоніі ў Беларусі;
  • Каця Карпінен, кіраўніца аддзяленьня пасольства Фінляндыі ў Беларусі;
  • Людавік Руае, павераны ў справах Францыі ў Беларусі;
  • Тамаза Маркеджані, часовы павераны ў справах Італіі ў Беларусі;
  • Рэнэ Керстэн, часовы павераны ў справах, кіраўнік Офісу пасольства Нідэрляндаў у Менску;
  • Кшыштаф Ажанна, часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі;
  • Віктар Пыртаака, часовы павераны ў справах Румыніі ў Беларусі;
  • Катарына Жакава, часовая павераная ў справах Славаччыны ў Беларусі;
  • Эва Сундквіст, часовая павераная ў справах Швэцыі ў Беларусі;
  • Крыстынэ Гонэгер Залатухін, надзвычайная і паўнамоцная амбасадарка Швайцарыі ў Беларусі;
  • Жаклін Пэркінс, амбасадарка Яго Вялікасьці караля Вялікай Брытаніі ў Беларусі

Ігар Лосік, блогер і журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году. 14 сьнежня 2021 года Гомельскі абласны суд на закрытым паседжаньні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці.

Андрэй Кузьнечык, журналіст Радыё Свабода, за кратамі з 25 лістапада 2021 году. 8 чэрвеня 2022 Магілёўскі абласны суд пакараў Андрэя Кузьнечыка 6 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасьці справы невядомыя.

Ігар Карней, былы карэспандэнт Радыё Свабода, за кратамі з 17 ліпеня 2023 году. Яго судзілі за супрацоўніцтва зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў, якую ў Беларусі прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». 22 сакавіка 2024 году Карнея асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму, таксама яму далі штраф у 20 тысяч рублёў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG