У Міністэрстве абароны Літвы заклікалі грамадзян, якія хочуць ведаць сваю ролю ў абароне дзяржавы і набыць практычныя навыкі, рэгістравацца ў мясцовых падразьдзелах Службы вайсковых абавязкаў і камплектаваньня.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце ведамства, запіс пачаўся 1 траўня і прадоўжыцца да 31 жніўня.
У Міністэрстве абароны паведамілі, што на добраахвотнай аснове ў камэндатуры могуць запісацца ўсе патрыятычна настроеныя грамадзяне. Тых, хто зарэгіструецца, разам зь іншымі вайскоўцамі запасу будуць запрашаць на вучэньні на 3–10 дзён.
«У камэндатурах прымаюць людзей з рознымі спэцыяльнасьцямі і адукацыяй, якія хочуць падрыхтавацца да абароны краіны, набыць базавыя вайсковыя веды і навыкі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Цяпер у Літве створаныя і дзейнічаюць 26 рэгіянальных падразьдзелаў Службы вайсковых абавязкаў і камплектаваньня.
«У выпадку вайны грамадзяне, уключаныя ў сьпісы камэндатур пасьля атрыманьня навыкаў вайсковай справы, будуць дапамагаць абараняць свой горад або раён, абараняць важныя аб’екты ў жылым асяродзьдзі. Асобы, якія ўваходзяць у склад камэнданцкіх падразьдзелаў, будуць займацца аховай важных абʼектаў у сваім горадзе ці раёне, усталёўваць кантрольна-прапускныя пункты, сачыць за выкананьнем правілаў камэнданцкай гадзіны, удзельнічаць у працэсе вывазу маёмасьці, сачыць за навакольлем, змагацца зь незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі або выконваць іншыя задачы, пастаўленыя Ўзброенымі сіламі Літвы», — паведамілі ў Міністэрстве абароны Літвы.
Вайсковую падрыхтоўку добраахвотнікаў плянуюць пачаць у кастрычніку.
Форум