Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Як беларускае грамадзтва дапусьціла цяперашні тэрор і ці варта спрачацца з прапагандыстамі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Каго ў беларускіх дэмакратычных сілах вы лічыце агентам КГБ?

— Нельга кагосьці «лічыць» агентам. Або вы маеце аб’ектыўныя факты, якія можаце апублікаваць, або ўвогуле не кранаеце гэтай тэмы. Інакш атрымліваецца такі дыялёг: «Ці лічыце вы, што Х агент КГБ?» «Доказаў у мяне няма, але так, лічу». Гэта або злачыннае глупства, або сьвядомая задача дыскрэдытаваць чалавека. Апошняя якраз цалкам адпавядае мэтам КГБ, бо гаворка ідзе пра разбурэньне даверу — таго, на чым толькі і трымаецца беларуская дэмакратыя і патэнцыйная эфэктыўнасьць яе дзеяньняў.

— Як заахвоціць дзіця да чытаньня кніг?

— Шмат хто памылкова лічыць, што трэба даваць дзіцяці «прасьцейшую» чытанку, ніжэйшую за інтэлектуальныя здольнасьці дзіцяці. З уласнага досьведу скажу, што ўсё якраз наадварот. Кніга мусіць быць займальнай, але пры тым інтэлектуальна вышэйшай. Больш складаная чытанка падцягвае дзіця, змушае яго задаваць пытаньні пра невядомыя яму словы і зьявы, а ўрэшце дае яму пачуцьцё пераможцы і стымулюе да новых перамог.

— Чаму дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў не працуе і чым гэта небясьпечна для эканомікі?

— Забарона падвышаць цэны — гэта папулісцкі крок, каб дагадзіць «народным масам», і супраць прадпрымальнікаў, якія банкрутуюць і трапляюць на штрафы і ў турму. Гэта паварот ад рынкавай эканомікі да «савецкай». Інакш ня можа быць, калі ўся сыстэма дзяржаўнае ўлады канчаткова рушыла ў бок таталітарызму. І гэта разьвітаньне з рэшткамі дэмакратыі, якія яшчэ захаваліся былі ў эканоміцы. У іншых галінах жыцьця іх ужо не засталося.

— Як беларускае грамадзтва магло дапусьціць цяперашні масавы тэрор?

— Тэрор стаў поўнай нечаканасьцю. Бо грамадзтва ў масе сваёй нічога ня ведала пра катаваньні і забойствы Мураўёва, пра чырвоны тэрор бальшавікоў, пра расстрэлы НКВД, пра пасьляваенныя аблавы і высылкі ў ГУЛАГ. Грамадзтва не зьвяртала ўвагі і на папярэднія «подзьвігі» Лукашэнкі: пагром парлямэнту, сотні арыштаваных у «Менскую вясну» (1996)...

Для большасьці тэрор рэжыму стаў відавочным толькі ў 2020 годзе, калі закрануў усіх. Як той казаў, «хто не зразумеў свайго мінулага, вымушаны перажыць яго зноў».

— Што будзе, калі Беларусь страціць незалежнасьць?

— Будзе балючае, панылае тармажэньне краіны і нацыі ў параўнаньні зь іншымі, якія вырваліся з імпэрыі і жывуць нармальна і шчасьліва. Але гэта наш стан праз усе мінулыя 200 гадоў.

Гісторыя вучыць, што зноў будуць ахвяры і страты — да таго часу, калі ўсе зразумеюць, што альтэрнатывы незалежнасьці няма. Вырасьце новае пакаленьне, зноў даведаецца пра сябе і Беларусь праўду і зноў пачне пошук вакна магчымасьцяў. Сама прырода — што ў краявідах, што ў птушыных сьпевах, што ў генах — імкнецца да натуральнага, арганічнага, свабоднага разьвіцьця.

— Гавораць пра стомленасьць ад вайны. А ці можа быць стомленасьць ад рэпрэсіяў у тых, хто іх праводзіць?

— У адрозьненьне ад вайны, рэпрэсіі — гэта «гульня ў адзін кошык», і спыняюцца яны не ад стомленасьці, а тады, калі карнікі пачынаюць зьнішчаць сваіх. Так было ў сталінскія часы. Між іншым, у афіцыйнай вэрсіі гісторыі КГБ кагэбісты кажуць, што ад сталінскіх рэпрэсіяў найбольш пацярпелі яны самі. Сёньня ў Беларусі мы можам назіраць самы пачатак гэтых працэсаў.

— Ці варта спрачацца з прапагандыстамі?

— Гэта бессэнсоўна. Па-першае, іх задача вяшчаць, а ня слухаць, сьцьвярджаць, а ня думаць (што значыць, сумнявацца) — за гэта ім плацяць заробак. Па-другое, ці будзеце вы спрачацца з чалавекам, які вас зьневажае, сыплючы нецэнзурнай лексыкай? Па-трэцяе, гэта людзі «эўразійскай» закваскі, яны частка расейскай прапаганды, душою яны не зьвязаныя з нашай спрадвечнай зямлёй.

Калі ў Беларусь вернецца дэмакратыя, ім больш камфортна будзе на шырокіх расейскіх прасторах, бо сюды вернуцца адэкватныя законы, якія прапагандысты сёньня дэманстратыўна парушаюць.

— Ёсьць афганскі сындром, а ці ёсьць у Расеі падобная зьмена псыхікі ў тых, хто на фронце сёньня? Ці пачнуць пра гэта казаць у СМІ?

— У расейцаў ёсьць такі выраз — «нежности телячьи». Тых соцень тысяч, што гінуць ва Ўкраіне, не асабліва шкада ні прапагандзе, ні замбаванай ёю аўдыторыі. Людзі агрубелі да такой ступені, што чалавечнасьць успрымаецца як празьмернасьць. Колішнія «афганцы» былі дзецьмі пакаленьня, якое перажыло вайну, і тое грамадзтва востра рэагавала на кожнае страчанае жыцьцё, на калецтва фізычнае ці псыхічнае. Сёньняшняя публіка ахопленая духам мілітарызму, ёй не да сындромаў. «Нежности телячьи».

— Расейскі патрыярх Кірыл кажа, што на Ўкраіну яны напалі, бо там — прапаганда ЛГБТ. Ці гэта прычына забіваць людзей?

— Гэта ў сфакусаванай форме — адмаўленьне прыватнасьці. У Расеі ЛГБТ атаясамліваюць з правамі чалавека, каб, у сваю чаргу, зрабіць правы чалавека такімі ж «непрымальнымі», як ЛГБТ. Адным махам яны адмаўляюць права на жыцьцё, прэзумпцыю невінаватасьці, недатыкальнасьць жыльля ці свабоду думкі — як «чужыя каштоўнасьці». То бок «па-нашаму» — гэта забіваць, урывацца ў кватэру, садзіць у турму за іншадумства, лазіць у чужым тэлефоне... Хоць, падумаўшы, хто такі чалавек без правоў? Раб.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

❓ Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG