Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Беларускую АЭС


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

7 лістапада адбудзецца афіцыйнае адкрыцьцё Беларускай АЭС у Астраўцы. Сёньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусі варта збудаваць яшчэ адну АЭС.

Нагадаем асноўныя факты, які варта ведаць пра Астравецкую АЭС.

1. Беларуская АЭС збудаваная пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці — за 22 кілямэтры ад мяжы зь Літвой, прыблізна за 50 кілямэтраў ад Вільні і за 125 кілямэтраў ад Менску.

2. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога самага праекту ў Расеі працуюць блёкі Новаваронескай АЭС і Ленінградзкай АЭС-2. Гэты самы праект выкарыстоўваецца пры пабудове Курскай АЭС у Расеі, а таксама атамных станцыяў у Турэччыне і ў Банглядэш.

3. Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі, дзяржаўнай кампаніяй «Росатом», за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплюатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.

4. Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 адносна прыдатных і 6 непрыдатных пляцовак. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.

5. На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. Гэта значыць, што праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.

6. Літва ад пачатку будаўніцтва БелАЭС ставілася вельмі крытычна да яе. Парлямэнт Літвы ў 2017 годзе прыняў закон, паводле якога БелАЭС разглядаецца як пагроза нацыянальнай бясьпецы краіны.

7. 3 лістапада першы энэргаблёк Беларускай АЭС уключылі ў аб’яднаную энэргасыстэму краіны. Пасьля гэтага Літва адразу заблякавала імпарт электраэнэргіі зь Беларусі.

8. Улады Беларусі вельмі неахвотна даюць інфармацыю пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна паведамляецца толькі пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — напрыклад, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.

9. Дагэтуль невядома, ці знойдуцца замежныя пакупнікі энэргіі зь БелАЭС. Беларусь вырабляе дастаткова электраэнэргіі для ўласных патрэбаў і без АЭС, Літву можа падтрымаць Латвія (хоць і не зьбіраецца ўводзіць эмбарга), Украіна адмовілася ад імпарту любой электраэнэргіі зь Беларусі, Польшча зьбіраецца будаваць уласную АЭС, таксама як Фінляндыя.

10. Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG