Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар Джон Маккейн студэнтам ЭГУ: "Вы – будучыня Эўропы, будучыня вашай краіны"


10 амэрыканскіх сэнатараў і кангрэсмэнаў, дэлегацыя ЗША, якая накіроўваецца на Канфэрэнцыю ў справах бясьпекі ў Мюнхэне, зрабілі прыпынак у Вільні, дзе сустрэліся з кіраўніцтвам Літвы, са студэнтамі ЭГУ, з прадстаўнікамі беларускай палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Спатканьне сэнатараў з студэнтамі ЭГУ адбылося ў сьценах літоўскага Сойму, у "Залі 11 сакавіка", і доўжылася каля 30 хвілінаў.

Адзін з кіраўнікоў амэрыканскай дэлегацыі сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн адразу сказаў, што хацеў найперш не выступаць сам, а больш паслухаць беларускіх студэнтаў. "Вы – будучыня Эўропы, будучыня вашай краіны", - заявіў ён у сваім уступным слове.

Іншы кіраўнік амэрыканскай дэлегацыі, сэнатар Джо Лібэрман заявіў:

"Мы тут, каб больш даведацца пра тое, што адбываецца ў Беларусі, а таксама пачуць вашы парады, наконт таго, што можна зрабіць, каб справы ў Беларусі пайшлі ў лепшы бок. Ідзе гістарычная барацьба паміж свабодай і тыраніяй. Гэта цяжкая барацьба, але мы ўпэўненыя, што вы пераможаце".

Далей сустрэча адбывалася ў фармаце пытаньняў і адказаў, пры гэтым і самі кангрэсмэны задавалі пытаньні студэнтам ЭГУ. Кангрэсмэн Джэф Флэйк, напрыклад, запытаўся: "Як мы яшчэ можам выказаць вам сваю салідарнасьць з вамі?" У адказ ад студэнтаў ЭГУ прагучала пажаданьне, каб больш унівэрсытэтаў у Эўропе і ЗША маглі прымаць на вучобу маладых людзей зь Беларусі, пацярпелых ад рэпрэсіяў. Таксама было выказана пажаданьне палегчыць атрыманьне амэрыканскіх візаў для студэнтаў, якія пацярпелі ад уладаў.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG